Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


МАЦЬВЕЯ 22 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
МАЦЬВЕЯ 22

Мц 22

1 І ў адказ Ісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы:

2 падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара, які справіў вясельле сыну свайму

3 і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці.

4 Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажэце запрошаным: «вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле».

5 Але яны, ня даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.

6 Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зьняважылі і забілі іх.

7 І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.

8 Тады кажа ён рабам сваім: вясельле гатова, а запрошаныя ня былі вартыя.

9 Дык вось, ідзеце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вясельле.

10 І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых; і напоўнілася вясельле бяседнікамі.

11 Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,

12 і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў.

13 Тады сказаў цар слугам: зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьмеце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў;

14 бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

15 Тады фарысэі пайшлі і дамаўляліся, як падлавіць Яго на слове.

16 І пасылаюць да Яго вучняў сваіх зь ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы;

17 дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?

18 Але Ісус, убачыўшы зламыснасьць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?

19 пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар.

20 І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?

21 І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.

22 Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і пакінуўшы Яго, пайшлі.

23 У той дзень падступіліся да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго:

24 Настаўнік! Майсей сказаў: «калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, хай возьме брат ягоны жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму».

25 Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму;

26 гэтак сама і другі, і трэйці, нават да сёмага;

27 а пасьля ўсіх памерла і жонка.

28 Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь сямёх будзе яна за жонку? бо ўсе мелі яе?

29 Ісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай;

30 бо ва ўваскрэсеньні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах.

31 А пра ўваскрэсеньне мёртвых ці ня чыталі вы сказанага вам Богам:

32 «Я Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якава»? Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых».

33 І пачуўшы, люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.

34 А фарысэі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчаньне, сабраліся разам.

35 І спытаўся адзін зь іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы:

36 Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?

37 Ісус жа сказаў яму: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім»;

38 гэта найбольшая і першая запаведзь;

39 а другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»;

40 на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.

41 Калі ж сабраліся фарысэі, спытаўся ў іх Ісус:

42 што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.

43 Кажа ім: як жа Давід, з натхненьня, Госпадам Яго называе, калі кажа:

44 «Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх»?

45 Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму?

46 І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.