Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЛЯВІТ 1 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ЛЯВІТ 1

Ляв 1

1 І паклікаў Гасподзь Майсея і сказаў яму са скініі сходу, кажучы:

2 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі хто з вас хоча прынесьці ахвяру Госпаду, дык, калі з быдла, прыносьце ахвяру вашую з быдла буйнога і дробнага.

3 Калі ахвяра яго - цэласпаленьне з буйнога быдла, няхай прынясе яе з мужчынскага полу, без пахібы; хай прывядзе яе да дзьвярэй скініі сходу, каб здабыць яму ўпадабаньне прад Госпадам;

4 і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры цэласпаленьня - і набудзе ён упадабаньне, дзеля ачышчэньня грахоў ягоных;

5 і заколе цяля прад Госпадам; а сыны Ааронавыя, сьвятары, прынясуць кроў і пакропяць крывёю з усіх бакоў на ахвярнік, які каля ўваходу ў скінію сходу;

6 і здыме скуру з ахвяры цэласпаленьня і разатне яе на часткі;

7 а сыны Ааронавыя, сьвятары, пакладуць на ахвярнік агонь і на агні раскладудь дровы;

8 і раскладуць сыны Ааронавыя, сьвятары, часткі, галаву і тлушч на дровах, што на агні, на ахвярніку;

9 а вантробы ахвяры і ногі яе вымые ён вадою, і спаліць сьвятар усё на ахвярніку: гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.

10 Калі ахвяра цэласпаленьня яго з дробнага быдла, з авечак, альбо з коз, няхай прынясе яе з мужчынскага полу, без пахібы,

11 і заколе яе прад Госпадам з паўночнага боку ахвярніка; і сыны Ааронавыя, сьвятары, пакропяць крывёю яе на ахвярнік з усіх бакоў;

12 і разатнуць яе на часткі, аддзеляць галаву яе і тлушч яе; і раскладзе іх сьвятар на дровах, што на агні, на ахвярніку,

13 а вантробы і ногі вымые вадою, і прынясе сьвятар усё і спаліць на ахвярніку; гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.

14 А калі з птушак прыносіць Госпаду цэласпаленьне, няхай прынясе ахвяру сваю з галубак, альбо з маладых галубоў;

15 сьвятар прынясе яе да ахвярніка, і скруціць ёй галаву, і спаліць на ахвярніку, а кроў сцэдзіць да сьценкі ахвярніка;

16 вальляк яе зь перэем яе адмые і кіне яго каля ахвярніка на ўсходні бок, дзе попел:

17 і надломіць яе ў крылах яе, але не аддзяляючы іх, і спаліць яе сьвятар на ахвярніку, на дровах, што на агні: гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.