Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЭСТЭР 7 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ЭСТЭР 7

Эст 7

1 І прыйшоў валадар і Аман на гасьціну да валадаркі Эстэр.

2 І сказаў валадар Эстэр таксама ў другі дзень, выпіўшы віна: «Якое жаданьне тваё, валадарка Эстэр? І будзе дадзена табе. І якая просьба твая? Нават палова валадарства, і будзе выканана».

3 І адказала валадарка Эстэр, і сказала: «Калі я знайшла ласку ў вачах тваіх, валадару, і калі валадару гэта [падаецца] добрым, няхай будзе падаравана мне жыцьцё маё паводле жаданьня майго і народ мой на просьбу маю!

4 Бо прададзены мы, я і народ мой, на вынішчэньне, забіцьцё і загубу. Калі б мы былі прада­дзены як нявольнікі і нявольніцы, я маўчала б, хоць пры­гнятальнік не аднагародзіў бы шкоды валадару».

5 І адказаў валадар Ахашвэрош, і сказаў валадарцы Эстэр: «Хто гэта такі? І дзе той, які напоўніў сэрца сваё, каб зрабіць гэтак?»

6 І сказала Эстэр: «Прыгнятальнік і вораг — гэты нягодны Аман!» І Аман спалохаўся перад абліччам валадара і валадаркі.

7 І валадар устаў ад піцьця віна ў гневе сваім, і [пайшоў] у палацовы сад. А Аман стаў прасіць валадарку Эстэр за жыцьцё сваё, бо ён бачыў, што будзе канец ягоны ліхі ад валадара.

8 І валадар вярнуўся з палацовага саду ў дом, [дзе] піў віно, а Аман быў упаўшы да ложку, на якім была Эстэр. І сказаў валадар: «Ці яшчэ згвалціш валадарку ў прысутнасьці маёй у доме?» Слова выйшла з вуснаў валадара, і закрылі аблічча Аману.

9 І сказаў Харбона, адзін з эўнухаў, які перад абліччам валадара: «Вось дрэва, што паставіў Аман для Мардэхая, які рабіў добрае для валадара, стаіць каля дому Амана, вышынёю на пяцьдзясят локцяў». І сказаў валадар: «Павесьце яго на ім».

10 І павесілі Амана на дрэве, якое ён падрыхтаваў для Мардэхая. І гнеў валадара суцішыўся.