Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЕЗЭКІІЛЯ 14 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ЕЗЭКІІЛЯ 14

Эзк 14

1 І прыйшлі да мяне некаторыя са старшыняў Ізраіля, і селі перад абліччам маім.

2 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

3 «Сыне чалавечы, гэтыя людзі ўвялі ў сэрцы свае ідалаў сваіх і паставілі перад абліччам сваім тое, што было прычынаю грэху іхняга. Ці ж пытаючыся, будуць пытацца ў Мяне [парады]?

4 Дзеля гэтага прамовіш да іх і скажаш ім: “Гэта кажа Гос­пад ГОСПАД. Кожны чалавек з дому Ізраіля, які ўвёў ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставіў перад аблічча сваё тое, што было прычынаю грэху ягонага, і прыйдзе да прарока, Я, ГОС­ПАД, адкажу яму адпаведна да ліку ідалаў ягоных,

5 каб выявіць [намеры] сэрца дому Ізраіля, які адвярнуўся ад Мяне з прычыны ўсіх ідалаў сваіх”.

6 Дзеля гэтага скажы дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОС­ПАД. Навярніцеся і адвярніцеся ад ідалаў вашых, і ад усіх брыдотаў вашых адвярніце абліччы вашыя.

7 Бо кожнаму чалавеку з дому Ізраіля і прыхадню, які пасяліўся ў Ізраілі, якія адвярнуліся ад Мяне, і ўвялі ў сэрца сваё ідалаў сваіх, і паставілі перад абліччам сваім тое, што было прычынаю грэху іхняга, і прыйшлі да прарока, каб праз яго спытацца ў Мяне [парады], Я, ГОСПАД, адкажу яму.

8 І Я зьвярну аблічча Маё суп­раць чалавека таго, і зраблю яго знакам і прыказкай, і вынішчу яго з народу Майго, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.

9 А калі б прарок дазволіў сабе ашукацца і прамовіў слова, Я, ГОСПАД, вазьму прарока таго, і выцягну руку Маю супраць яго, і зьнішчу яго спаміж народу Майго, Ізраіля.

10 І яны панясуць беззаконьні свае! Беззаконьне прарока будзе такім, як і таго, які ў яго пытаўся,

11 каб дом Ізраіля не адыходзіўся больш ад Мяне і не паганіўся больш ніякімі бунтамі сваімі. І будуць яны для Мяне народам, а Я буду для іх Богам, кажа Госпад ГОСПАД”».

12 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

13 «Сыне чалавечы, калі якая зямля саграшыць супраць Мяне нявернасьцю, Я выцягну руку Маю супраць яе і зламлю падпору хлеба, і спашлю на яе голад, і вынішчу на ёй чалавека і быдла.

14 І калі будуць тры чалавекі [праведныя] пасярод яе: Ной, Данііл і Ёў, яны дзеля праведнасьці сваёй захаваюць [толькі] жыцьцё сваё, кажа Госпад ГОСПАД.

15 Калі Я прывяду дзікіх зьвяроў на зямлю гэтую і зраб­лю яе бясплоднай, і станецца яна пусткаю, каб ніхто акрамя дзікіх зьвяроў не праходзіў там,

16 і калі пасярод яе будуць тры чалавекі гэтыя, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не захаваюць яны ані сыноў, ані дачок, яны захаваюць [толькі] саміх сябе, а зямля станецца пусткаю.

17 Або калі Я прывяду меч на зямлю гэтую і скажу: “Няхай меч пройдзе праз зямлю гэтую, і зьнішчыць на ёй чалавека і быдла”,

18 і калі будуць пасярод яе тры чалавекі гэтыя, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не захаваюць яны ані сыноў, ані дачок, але захаваюць [толькі] саміх сябе.

19 Або калі Я спашлю заразу на зямлю гэтую і ў крыві выльлю гнеў Мой на яе, каб зьнішчыць на ёй чалавека і быдла,

20 і калі Ной, Данііл і Ёў будуць пасярод яе, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не захаваюць яны ані сыноў, ані дачок, але дзеля праведнасьці сваёй яны захаваюць [толькі] душу сваю.

21 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Нават калі Я прывяду на Ерусалім гэтыя чатыры зьнішчальныя плягі Мае: меч, голад, дзікіх зьвяроў і заразу, каб зьнішчыць у ім чалавека і быдла,

22 вось, яшчэ застануцца захаваныя сыны і дочкі, якіх выведуць з яго. Вось, яны прыйдуць да вас, і вы ўбачыце шляхі іхнія і ўчынкі іхнія, і будзеце мець пацяшэньне пасьля ліха, якое Я прывёў на Ерусалім, пасьля ўсяго, што Я прывёў на яго.

23 І яны пацешаць вас, калі ўбачыце шляхі іхнія і ўчынкі іхнія, і даведаецеся, што не без падставаў было ўсё гэта, што Я яму зрабіў, кажа Госпад ГОСПАД”».