Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ДРУГІ ЗАКОН 14 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ДРУГІ ЗАКОН 14

Друг 14

1 Вы — сыны ГОСПАДА, Бога вашага; ня будзеце рабіць нарэзы на скуры, і ня будзеце выстрыгаць валасоў над вачыма вашымі па памёршых,

2 бо ты — народ сьвяты для ГОСПАДА, Бога твайго, бо цябе выбраў ГОСПАД, каб ты стаўся выбраным народам Ягоным спасярод усіх народаў, якія на абліччы зямлі.

3 Ня будзеш есьці нічога паганага.

4 Вось зьвяры, якіх вы будзеце есьці: вол, ягня авечак і козаў,

5 алень, сарна, казуля, ланя, зубар, антылёпа, горны казёл.

6 І кожную жывёлу, якая мае разьдзеленыя капыты і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку, будзеце есьці.

7 Але ня будзеце есьці тых, якія жуюць жвайку і ня маюць разьдзеленыя капыты з глыбокім разрэзам: вярблюда, зайца і дамана, бо яны жуюць жвайку, але капыты ў іх не разьдзелены, яны для вас нячыстыя.

8 І сьвіньня, хоць капыты ў яе разьдзеленыя, але яна не жуе жвайку, будзе для вас нячыстай; мяса яе ня ешце і падліны не дакранайцеся.

9 З усяго, што ў вадзе, будзеце есьці ўсіх, якія маюць плаўнікі і луску.

10 А ўсё, што без плаўніка і лускі, ня будзеце есьці, бо яны для вас нячыстыя.

11 Усіх птушак чыстых будзеце есьці.

12 Спасярод [птушак] ня будзеце есьці: арла, грыфа і марскога арла,

13 каршука, сокала і каню паводле гатункаў іхніх,

14 і ўсякага крумкача паводле гатунку яго,

15 страуса, савы, чайкі і ястраба паводле гатункаў яго,

16 пугача, ібіса і лебедзя,

17 пэлікана, сыча і рыбалова,

18 чаплі, буслоў паводле гатункаў іхніх, удода і кажана.

19 Кожная жужла крылатая для вас нячыстая, ня будзеце яе есьці.

20 Усіх птушак чыстых будзеце есьці.

21 Ня будзеце есьці ніякай падліны. Дасі яе прыхадню, які ў брамах тваіх, і будзе есьці, або прадасі чужынцу, бо ты — народ сьвяты для ГОСПАДА, Бога твайго. Не вары казьляняці ў малацэ маці ягонай.

22 Давай дзесяціну з усіх пладоў насеньня твайго, з таго, што поле штогод родзіць.

23 І еш перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, на тым месцы, якое Ён выбраў, каб было там імя Ягонае, дзесяціну збожжа твайго, і віна твайго, і алею твайго, і першародных валоў тваіх і авечак тваіх, каб вучыўся ты баяцца ГОСПАДА, Бога твайго, у-ва ўсе дні.

24 Калі ж далёкай будзе дарога [твая] і ня зможаш гэта прынесьці, бо далёка ад цябе месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб там было імя Ягонае, і калі ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе,

25 тады памяняй гэта на срэбра, і вазьмі срэбра ў руку тваю, і ідзі на месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой,

26 і купляй там за гэта срэбра ўсё, чаго жадае душа твая, ці валоў, ці авечак, ці віно, ці сікеру, ці ўсё, чаго жадае душа твая; і будзеш есьці там перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш весяліцца ты і дом твой.

27 І не пакідай лявіта, які ў брамах тваіх, бо ён ня мае ані часткі, ані спадчыны з табою.

28 Пад канец трэцяга году адлажы ўсе дзесяціны з пладоў тваіх году гэтага і пакінь у брамах тваіх.

29 І прыйдзе лявіт, бо ён ня мае ані часткі, ані спадчыны з табой, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія ў брамах тваіх, і будуць яны есьці, і насыцяцца, каб дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой, у кожнай працы рук тваіх, якую будзеш рабіць.