Іс 591 Вось, рука ГОСПАДА не скарацілася, каб не магла дапамагчы, і вуха Ягонае ня стала цяжкім, каб ня чуць. 2 Бо беззаконьні вашыя аддзялілі вас ад Бога вашага, і грахі вашыя схавалі аблічча Ягонае ад вас, каб Ён [вас] ня чуў. 3 Бо далоні вашыя заплямленыя крывёю, а пальцы вашыя — беззаконьнем, вусны вашыя прамаўляюць хлусьню, язык ваш мармыча ліхое. 4 Няма [нікога], хто кліча пра праведнасьць, няма [нікога], хто судзіць справядліва. Спадзяюцца на пустое і гавораць марнае, зачынаюць гора і нараджаюць злачынства. 5 Выседжваюць яйкі гадзючыя і ткуць павуціньне; хто зьесьць яйкі іхнія, памірае, а з разьбітага [яйка] вылазіць гадзіна. 6 Павуціньне іхняе не прыдасцца на адзеньне, і нельга апрануцца ў вырабы іхнія; учынкі іхнія — учынкі злачынныя, і справа гвалту ў далонях іхніх. 7 Ногі іхнія бягуць да ліхоты і сьпяшаюцца, каб праліць кроў нявінную; думкі іхнія — думкі злачынныя, спусташэньне і загуба на дарогах іхніх. 8 Ня ведаюць яны шляху супакою, няма суду на сьцежках іхніх, яны скрывілі шляхі свае; кожны, хто ходзіць па іх, ня ведае супакою. 9 Дзеля гэтага суд аддаліўся ад нас, і не даходзіць да нас праведнасьць; чакаем сьвятла, а вось, цемра, і [чакаем] яснасьці, а ходзім у змроку. 10 Як сьляпыя, мацаем сьцены, і як без вачэй, навобмацак ходзім, спатыкаемся апоўдні, быццам у поцемках, поўныя сілаў, а быццам мёртвыя. 11 Усе мы рыкаем, быццам мядзьведзі, і як галубы стогнем. Чакаем суду, а яго няма, і збаўленьня, але яно далёка ад нас. 12 Бо памножыліся правіны нашыя перад Табою, і грахі нашыя сьведчаць супраць нас; бо правіны нашыя з намі, і беззаконьні нашыя мы ведаем. 13 Мы бунтуемся і хлусім супраць ГОСПАДА, і адступіліся ад Бога нашага; гаворым пра прыгнёт і здраду, падманваем і нараджаем у сэрцы словы фальшывыя, 14 І адступіўся назад суд, і праведнасьць стаіць здалёк, спатыкнулася праўда на плошчы, і справядлівасьць ня можа ўвайсьці. 15 І сталася, што праўда зьнікла, і той, хто ўцякае ад ліхоты, абрабаваны. І ўбачыў [гэта] ГОСПАД, і ліхім [было] ў вачах Ягоных, што няма суду. 16 І бачыў Ён, што няма чалавека, і дзівіўся, што няма заступніка. І рамяно Ягонае дапамагло Яму, і праведнасьць Ягоная падтрымала Яго. 17 Ён апрануў праведнасьць, як панцыр, і шалом збаўленьня на галаве Ягонай, Ён апрануў шаты помсты, і руплівасьць, быццам плашч, накінуў. 18 Паводле ўчынкаў Ён адплоціць супраціўнікам Сваім гневам, ворагам Сваім — помстай, і адплоціць помстай астравам. 19 І будуць баяцца імя ГОСПАДА на захадзе, і славы Ягонай — на ўсходзе сонца, бо Ён прыйдзе, як рака бурлівая, якую вецер ГОСПАДА гоніць. 20 І прыйдзе Адкупіцель на Сыён і да [сыноў] Якуба, якія адвярнуліся ад злачынстваў [сваіх], кажа ГОСПАД. 21 І вось запавет Мой з імі, кажа ГОСПАД: Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія Я ўклаў у вусны твае, не адыйдуць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў насеньня твайго, і ад вуснаў насеньня насеньня твайго, кажа ГОСПАД, ад цяпер і на вякі. |